16 ліпеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Пашаны губернатара Прыморскага края Расіі Алега Кажамяку. Кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў кіраўніку расійскага рэгіёна гэту высокую ўзнагароду. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці ў прысутнасці членаў сям'і губернатара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Алегу Кажамяку за даверны і канструктыўны характар узаемадзеяння з Беларуссю і асабліва адзначыў яго заслугі ў развіцці эканамічных сувязей, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне традыцый дружбы і супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што да таго як узначаліць Прыморскі край, Алег Кажамяка быў губернатарам Сахалінскай і Амурскай абласцей Расіі. На ўсіх гэтых пасадах ён праявіў сябе дастойным, эфектыўным кіраўніком, якому ўдавалася вырашаць цяжкія задачы і ў палітычнай, і ў эканамічнай сферах. "Гэта той чалавек, якога гісторыя прызывае ў той момант, калі трэба і куды трэба для Айчыны", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У адказ Алег Кажамяка заявіў: "Шчыра ўдзячны за ацэнку нашай сумеснай дзейнасці, якая на працягу 11 гадоў давала магчымасць развіваць далёкаўсходнія рэгіёны. Мы рэалізавалі шмат карысных праектаў".