26 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Значная трэшчына ў адносінах паміж Украінай і Расіяй з'явілася яшчэ пры экс-прэзідэнце Украіны Віктару Януковічу. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ён не быў антыўкраінскім чалавекам. Недзе нерашучым, недзе яшчэ штосьці. І трэшчына паміж Украінай і Расіяй з'явілася пры Януковічу, калі рэзка падскочыла цана на газ. Да $220, па-мойму. І ў мяне была з ім размова. Ён вельмі пакрыўдзіўся тады на Расію. І мне кажа: "Слухай, Саша, ну чаму яны ў адносінах да нас так зрабілі?" Вось гэта была не першая, але значная ўжо трэшчына, калі была крыўда вельмі сур'ёзная. Можа, гэта яго і падштурхнула да рэзкага руху на Захад, да ЕС, і падпісання адпаведных пагадненняў. Потым адступілі, пачалі сваволіць. А тут скарысталіся сітуацыяй", - сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама падзяліўся сваімі асабістымі ўражаннямі ад размовы з Віктарам Януковічам. Паводле слоў беларускага лідара, пасля таго як экс-прэзідэнт пакінуў тэрыторыю Украіны, яны некалькі разоў па розных, у асноўным асабістых, падставах гаварылі па тэлефоне.
"Мы былі ў добрых адносінах, але я разумеў, што іншым разам ён можа адступіць ад генеральнай лініі (як з гэтымі чарнобыльскімі днямі). Навошта гэта трэба было рабіць? Гэта магло атруціць адносіны дзвюх краін на многія дзесяцігоддзі. Але я праз гэта пераступіў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, у час прэзідэнцтва Віктара Януковіча яны часам даволі адкрыта абмяркоўвалі тыя ці іншыя пытанні. "Вы ведаеце, ён не быў ніякім прарасійскім. Ён не быў здраднікам Украіне, - сказаў Прэзідэнт. - Ніколі не быў антыўкраінскім чалавекам, але дапусціў вельмі шмат памылак, якія прывялі да таго, што ён быў проста адхілены ад улады ў выніку неканстытуцыйных дзеянняў".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Украіна для Віктара Януковіча была ўсім, і ён ніколі не падзяляў краіну на ўсходнюю і заходнюю, хоць і меў на ўсходзе значную падтрымку. Разам з тым для людзей, напрыклад, быў непрымальны ўзровень карупцыі. "Ён дапусціў шэраг памылак, дзеянняў, якія несумяшчальныя з прэзідэнцтвам", - канстатаваў беларускі лідар.
У цэлым ён ахарактарызаваў Віктара Януковіча як добрага чалавека, які вельмі давяраў людзям са свайго асяроддзя, часам, не кантралюючы і не правяраючы. "Гэта ў яго было. Прэзідэнту гэта не павінна быць уласціва. Гэта недазвольна наогул. Ты павінен ведаць, што адбываецца вакол. У цябе не павінна быць прыбліжаных. Твае дзеці і ты ні ў якім разе не павінны займацца бізнесам. У цябе не павінны быць кішэні набіты грашыма, таму што грошы гнятуць, і ты забываеш аб тым, што ты кіраўнік дзяржавы. Гэта непрымальна, асабліва ў нас, славянскіх народаў", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.