16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка падпісаў указ нумар 106, якім зацверджаны склад Савета бяспекі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У адпаведнасці з дакументам старшынёй Савета бяспекі з'яўляецца Прэзідэнт Беларусі.
У якасці пастаянных членаў Савета бяспекі зацверджаны восем службовых асоб: прэм'ер-міністр, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, міністры ўнутраных спраў, абароны, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Членамі Савета бяспекі, згодна з указам, з'яўляюцца старшыні Вярхоўнага суда, Камітэта дзяржаўнага кантролю, праўлення Нацыянальнага банка, Следчага камітэта, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, генеральны пракурор, міністры замежных спраў, фінансаў, па надзвычайных сітуацыях, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны.
Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам 25 лютага заяўляў, што "трэба сур'ёзна выбудаваць, а дзе-нідзе і перабудаваць" работу Савета бяспекі Беларусі. "Нам трэба дашліфаваць некаторыя дакументы па функцыянаванні Савета бяспекі. Хацелася б на аснове вопыту Расіі, Казахстана, іншых дзяржаў, блізкіх нам, ведаць, як яны забяспечваюць функцыянаванне Савета бяспекі", - адзначаў Прэзідэнт.
Па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам аб прапановах па змяненні складу Савета бяспекі. "Зыходзячы з сённяшняй сітуацыі, Прэзідэнту было прапанавана дабавіць у склад пастаянных членаў Савета бяспекі міністра абароны, міністра ўнутраных спраў, старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі", - інфармаваў ён. Паводле яго слоў, пры распрацоўцы гэтых прапаноў вывучаўся вопыт работы такіх органаў у іншых краінах постсавецкай прасторы, у тым ліку Расіі, Казахстане і Таджыкістане.-0-