14 красавіка, Бішкек /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным фармаце заклікаў краіны ЕАЭС больш актыўна ствараць зоны свабоднага гандлю з трэцімі дзяржавамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Робячы асноўны ўпор на ўдасканаленні ўнутрысаюзных адносін, мы не забываем аб пашырэнні знешняга контуру. І тут, прызнаюся шчыра, заключэнне сучасных прэферэнцыйных пагадненняў аб свабодным гандлі адпавядае інтарэсам Беларусі. Упэўнены, і іншым дзяржавам. Таму заклікаю шырэй іх выкарыстоўваць для дыверсіфікацыі гандлёвых і інвестыцыйных адносін з нашымі партнёрамі, паглыблення прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што геаграфія Еўразійскага эканамічнага саюза паступова пашыраецца. "Пабудова адзінай эканамічнай прасторы і задачы, закладзеныя ў Дагаворы аб ЕАЭС, знаходзяць разуменне і водгук у іншых дзяржаў рэгіёна", - адзначыў ён. Сведчаннем таго з'яўляецца жаданне Малдовы атрымаць статус дзяржавы - наглядальніка пры ЕАЭС, а таксама імкненне многіх дзяржаў утварыць свабодную эканамічную зону з саюзам.
"Але адна справа замацаваць разумныя ідэі ў дакуменце і зусім іншая - ажыццявіць. Тут у саюза дастаткова нявырашаных праблем. У 2016 годзе нам не ўдалося спыніць зніжэнне ўзаемнага тавараабароту і ўстараніць прычыны, якія прывялі да гэтага. Я не гавару аб іншых праблемах, гэта асноўная, паколькі ў нас эканамічны саюз", - падкрэсліў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падтрымаў пазіцыю Кыргызстана сканцэнтравацца на вырашэнні ўнутраных праблем ЕАЭС.