23 студзеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў вучоных, каб яны, праводзячы фундаментальныя даследаванні, не забывалі аб практычным прымяненні іх дасягненняў і дапамагалі ў вырашэнні праблем звычайных людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час размовы з прадстаўнікамі навуковай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікі сустрэчы расказалі аб сутнасці сваіх навуковых прац і даследаванняў, праблемах, з якімі сутыкаюцца ў рабоце.
Асобна закраналася тэма змяненняў клімату. Як растлумачылі вучоныя, анамальныя з'явы надвор'я гэтай зімой у Беларусі выкліканы комплексам агульнасусветных фактараў. Паводле іх слоў, апошнія пяць гадоў былі самымі цёплымі ў гісторыі метэаназіранняў. З ростам тэмпературы павялічваецца рызыка ўзнікнення экстрэмальных з'яў.
"Скажу шчыра, што я з вялікім недавер'ем да вашага брата стаўлюся, асабліва да тых, хто прагназуе надвор'е, - сказаў Прэзідэнт. - У мяне вельмі строгія з імі былі разборы ў мінулым годзе. Бывалі часы, калі аграрыям трэба займацца сяўбой, уборкай, а нашы прагнозныя службы не могуць на тры дні прадказаць надвор'е. Хоць ва ўсім свеце тыдзень дакладна па гадзінах прадказваюць, а нашы не могуць".
Пасля таго як на гэту праблему звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, былі праведзены кадравыя змяненні ў складзе гідраметэаралагічнай службы, і сітуацыя змянілася да лепшага. "Цяпер на тры дні - 120 працэнтаў дакладнасці", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба, каб мы ў сваіх разважаннях, стратэгічным апісанні, адыходзячы далёка, не забылі аб тым, што нам трэба кожны дзень. Тое, што будзе праз 100 гадоў... Нас з вамі не будзе тады", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ён асабліва падкрэсліў неабходнасць такога разумнага спалучэння стратэгічнага і тактычнага падыходу ў навуковых распрацоўках па медыцыне. У цэнтры ўвагі павінны быць інтарэсы пацыента.
Прадстаўнікі навуковай сферы запэўнілі, што і цяпер дзейнічаюць па такім прынцыпе. Напрыклад, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава дзякуючы распрацоўкам вучоных укаранёны аперацыі, якія даюць магчымасць захоўваць пашкоджаныя ракам органы, што яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму было немагчымым. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця" распрацавана комплексная праграма прэнатальнай дыягностыкі і акушэрскай тактыкі пры шматплоднай цяжарнасці.