11 кастрычніка, Душанбэ /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Таджыкістан змаглі надаць свайму супрацоўніцтву асаблівы статус стратэгічнага ўзаемадзеяння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Душанбэ на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё падзякаваў Эмамалі Рахмону за цёплы прыём беларускай дэлегацыі, адзначыўшы пры гэтым хуткае развіццё Таджыкістана. "Не перастаю здзіўляцца хуткасці і маштабу змяненняў, якія адбываюцца ў вашай краіне. Займаючыся штодзённа пытаннямі добраўпарадкавання ў Мінску, разумею, якая тытанічная праца стаіць за знешнім абліччам прыгожай і добраўпарадкаванай сталіцы Таджыкістана", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, існуючы ўзровень беларуска-таджыкскіх кантактаў дае магчымасць краінам у даверным фармаце абмяркоўваць любыя, нават самыя складаныя пытанні як двухбаковага парадку дня, так і ўзаемадзеяння ў міжнародных і інтэграцыйных аб'яднаннях.
"Менавіта гатоўнасць абодвух бакоў да ўмацавання партнёрскіх і саюзніцкіх адносін, паглыблення і развіцця кантактаў дала магчымасць надаць супрацоўніцтву Беларусі і Таджыкістана асаблівы статус стратэгічнага ўзаемадзеяння, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Наогул у нас няма закрытых тэм. Няма нейкіх тайных пытанняў адзін ад аднаго. Мы па-сяброўску, па-брацку абмяркоўваем любыя пытанні і, я думаю, знойдзем рашэнне".