1 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна з нацыянальным святам - Днём абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"За 72 гады Кітай дабіўся сапраўды вялікіх дасягненняў і цяпер выходзіць на якасна новы этап свайго развіцця, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Пекін прапанаваў свету мудрыя ініцыятывы: "Пояс і шлях", супольнасць адзінага лёсу чалавецтва, супольнасць адзінай аховы здароўя чалавецтва, тым самым даказаўшы, што звязвае жыццё і інтарэсы свайго народа з гарманічным развіццём усіх людзей".
"Дзякуючы вашай асабістай увазе двухбаковыя адносіны нашых краін развіваюцца ў канструктыўным і стабільным рэчышчы не толькі на міждзяржаўным, але і на рэгіянальным узроўні. Мне прыемна адзначыць пачатак Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая - яшчэ адной нашай сумеснай дамоўленасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сумесны ўнікальны індустрыяльны парк "Вялікі камень" пастаянна прырастае новымі высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі і рэзідэнтамі. Паспяхова рэалізуецца інвестыцыйны праект новага пакалення - "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла".
"У няпросты час Мінск і Пекін прадаўжаюць эфектыўнае ўзаемадзеянне ў барацьбе з пандэміяй і яе наступствамі. Беларускі народ удзячны кітайскім сябрам за прадастаўленне вакцыны супраць COVID-19", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў перакананасць, што разам удасца процістаяць любым выклікам у сферы міжнароднай бяспекі. "Нашы дзяржавы будуць і ў далейшым падтрымліваць адна адну па важнейшых пытаннях, якія адпавядаюць карэнным інтарэсам беларускага і кітайскага народаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сі Цзіньпіну моцнага здароўя і шчасця, а ўсім жыхарам Кітая - міру і працвітання.