20 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за захаванне строгага нарміравання затрат у ЖКГ. Аб гэтым ён заявіў сёння ў сваім выступленні на рэспубліканскім семінары аб удасканаленні і развіцці ЖКГ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Неабходна прадоўжыць забеспячэнне строгага нарміравання матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў. Па-іншаму ў цяперашніх эканамічных умовах быць не можа", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што яшчэ пару гадоў таму бюджэтнаму фінансаванню падлягалі ўсе фактычныя затраты арганізацый ЖКГ, а сёння прыйшлі да іх строга нарматыўнага планавання і пакрыцця. "Гэта было маё даручэнне. Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо некалькі гадоў працуе ў рэжыме фінансавай "дыеты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, гэта не самы лёгкі спосаб аздараўлення. Але для насельніцтва важна, каб максімальная эканомія затрат не паўплывала на якасць і аб'ём аказваемых паслуг. У адваротным выпадку грамадзяне, галасуючы рублём, проста адмовяцца плаціць. Пакуль, як мне дакладваюць, у нас з гэтым нядрэнна - узровень плацяжоў 98 працэнтаў".
Паводле слоў Прэзідэнта, строгае нарміраванне затрат станоўча ўплывае на фінансавую ўстойліваць ЖКГ. "Аднак, улічваючы, што арганізацыі абмежаваны ў расходах, недафінансаванне гэтай сферы наогул непрымальна. Акрамя таго, усё, што сэканомлена ў галіне, павінна ў ёй застацца. Гэта будзе стымулам эфектыўнай работы. Вырашэнне іншых праблем за кошт гэтых сродкаў недапушчальна. У першую чаргу губернатарам, выканкамам на месцах, а таксама ўраду трэба гэта пытанне трымаць на асаблівым кантролі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.