19 мая, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Вобласць нестабільнасці вакол СНД пашыраецца. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый 40-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сёння перад Садружнасцю ўзнікаюць новыя выклікі, якія патрабуюць салідарнага, сумеснага рэагавання. "Вобласць нестабільнасці вакол нас, на жаль, пашыраецца. Даводзіцца канстатаваць размыванне механізмаў забеспячэння як міжнароднай, так і рэгіянальнай бяспекі. Асобныя знешнія палітычныя сілы дэманструюць вяртанне да блокавага мыслення часоў "халоднай вайны". У наяўнасці спробы ўцягвання цэлых рэгіёнаў у процістаянне і новую гонку ўзбраенняў. Для нас гэта абсалютна непрымальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на міграцыйную абстаноўку, якая пагаршаецца, на тое, што ў выніку нестабільнасці на Блізкім Усходзе сапраўдную гуманітарную катастрофу перажывае Еўропа. Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што такая праблема існуе вельмі даўно, у прыватнасці, Беларусь вырашае яе не менш як 10 гадоў. "Мы з гэтым пастаянна змагаемся. Дарэчы, за гэта нам ніхто не плаціць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы з гэтай праблемай знаёмы даўно, у нас ёсць пэўны вопыт работы ў такім напрамку, але адна Беларусь, у тым ліку і матэрыяльна, справіцца не можа", - сказаў кіраўнік дзяржавы.