24 сакавіка, Лідскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Беларусі не дапусцяць узнікнення канфліктнай сітуацыі па ўкраінскім варыянце. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы ў Лідскім раёне з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства "Арвібелагра", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя ўкраінская ў Беларусі не са мной. Не магу дапусціць, каб у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі варыянт", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі некаму хочацца ўчыніць заварушку. "Некаму хочацца ўзарваць абстаноўку, і яны выкарыстоўваюць нашых адмарозкаў, - сказаў Прэзідэнт. - Дайшлі да таго, што, як партызаны, ямы капалі і хавалі. Хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы, гранаты і іншае. І ўсе гавораць: гэта мы патрыятызму дзяцей вучым. З баявымі гранатамі дзяцей вучыць?"
"Свярбяць у некага рукі. Але ёсць нейкі бар'ер, які ніхто не павінен пераступіць, парушаючы закон і Канстытуцыю. І калі ўлада гэтага не ўбачыць, тады гэта будзе ланцуговая рэакцыя, яе вельмі цяжка спыніць, таму што будуць уцягнуты мільёны людзей", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што паведамленне аб правакацыі, што рыхтавалася, паступіла ад ураджэнкі Беларусі, якая пражывае ў адной з краін Захаду. "Выехалі туды людзі, знайшлі гэту жанчыну, і яна адкрыта гаворыць: я нічога не баюся, напішу заяву, каб вы былі папярэджаны. Гэта нас падштурхнула да актыўных дзеянняў, я даручыў спецслужбам неадкладна пачаць аперацыю па распрацоўцы гэтых людзей, і мы выйшлі на цэлы арсенал зброі", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што фінансаванне адпаведнай проціпраўнай дзейнасці ў асноўным ажыццяўлялася праз Літву і Польшчу. "Вось яны крыўдзяцца - пачулі маю заяву ў Магілёве - Лукашэнка пра Украіну, Літву і Польшчу. Але калі гэта так?! - сказаў беларускі лідар. - Амерыканскія, нямецкія фонды давалі грошы праз палякаў і літоўцаў - большасць там грошай заставалася, але і нашы жылі і жывуць нядрэнна, усе ў асабняках, на "Мерседэсах" раз'язджаюць".
"Чаму пішуць: мы не дармаеды? Не дармаеды - дык чаго апраўдваецеся? - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта ж яны першыя дармаеды, яны баяцца, што ім трэба выходзіць з ценю і паказаць у дэкларацыях асабняк. А дзе грошы ўзяў?"
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што тых людзей, якія, выходзячы на акцыі, хацелі вырашыць нейкія свае пытанні, проста спрабавалі выкарыстаць. Таму многія, усвядоміўшы гэта, пачалі ўжо адмаўляцца ад удзелу ў такіх маючых адбыцца мерапрыемствах. "Убачылі, нават з гэтых адмарожаных (там жа не ўсе такія), што і іх таксама хацелі выкарыстаць. А калі ўбачылі гэтыя арсеналы, кажуць: не, мы не пойдзем. Пачалі адмаўляцца ад усіх гэтых мітынгаў і дэманстрацый. Зразумелі, што ўлада не спалохалася", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Улада павінна выконваць свае функцыі. Спалохаешся - мне будзе дрэнна, а вам наогул не пад сілу", - дадаў Прэзідэнт.