17 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. У Беларусі распрацоўваецца праект указа, накіраваны на стымуляванне куплі беларусамі айчынных легкавых аўтамабіляў, вырабленых СЗАТ "БелДжы". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з калектывам новага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы думаем, якія ёсць магчымасці, каб дапамагчы купіць гэты аўтамабіль. Аўтамабіль у сям'і патрэбны. Таму трэба прыдумаць, як вас падтрымаць. Думаю, мы знойдзем добрыя варыянты. У бліжэйшы час дакумент выйдзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку продаж у крэдыт адтэрміноўкай плацяжу, лізінг.
Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дзяржава зацікаўлена ў тым, каб як мага больш беларусаў куплялі айчынныя аўтамабілі. "Але ёсць і іншая мэта - больш вырабіць. Мы ж будзем павялічваць магутнасць у два разы. Думаю, што 60 тыс. аўтамабіляў мы прададзім і пойдзем на 120 тыс., - сказаў Прэзідэнт. - Хачу, каб гэта прадпрыемства было рэнтабельным. У адваротным выпадку атрымаецца цацка, ваша і мая, на якую будзем глядзець, радавацца і прадаваць 10 тыс. аўтамабіляў у год, не маючы даходу на гэтым прадпрыемстве".
Для выхаду на рэнтабельнасць неабходна рэалізоўваць мінімум 35 тыс. аўтамабіляў у год. "Продажы колькасцю 60 тыс. - гэта добрая работа, зарплата, развіццё і г.д.", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларуска-кітайскае СЗАТ "БелДжы", якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, было створана ў 2011 годзе. У лютым 2013 года на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль.
У канцы сакавіка 2015 года пачалося будаўніцтва завода дробнавузлавой зборкі камплектаў аўтамабіля поўнага цыкла, урачыстае адкрыццё якога адбылося сёння. Новае прадпрыемства размясцілася паміж Барысавам і Жодзінам і заняло плошчу каля 120 га. Праектная магутнасць на першым этапе складзе 60 тыс. машын у год.
На плошчах СП плануюцца да вытворчасці па поўным тэхналагічным цыкле красоверы
GeelyAtlas NL3, NL4 і седан FE3.Прагнозны аб'ём вытворчасці ў 2017 годзе складзе амаль 1,8 тыс. адзінак. З 2018 года прагназуецца рост вытворчасці і рэалізацыі. Прадугледжваецца, што аб'ём вытворчасці ў 2018-2019 гадах складзе 25 тыс. і 35 тыс. адзінак адпаведна.