21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рамках Еўразійскага эканамічнага саюза неабходна прыняць усе меры для забеспячэння ўласнай харчовай бяспекі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, які праводзіцца ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў самым пачатку пандэміі Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) прагназавала дэфіцыт прадуктаў харчавання, нават голад у асобных рэгіёнах планеты. "Гэтыя прагнозы ўжо здзяйсняюцца. З розных крыніц мы чуем, што сёння ўжо галадаюць і недаатрымліваюць прадукты харчавання ў патрэбным аб'ёме амаль паўмільярда чалавек на нашай планеце", - адзначыў беларускі лідар.
"У рамках саюза мы павінны прыняць усе меры для забеспячэння ўласнай харчовай бяспекі. Пры гэтым важна не ўпусціць сваю выгаду ў міжнародным гандлі і пазбегнуць залішніх перашкод на шляху руху тавараў як унутры нашага саюза, так і ў гандлі з іншымі краінамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён заклікаў Еўразійскую эканамічную камісію ў бліжэйшы час завяршыць работу над унясеннем змяненняў у тэхнічны рэгламент "Аб бяспецы харчовай прадукцыі". "Неабходна зняць спрэчныя моманты і розначытанні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Слухайце, усе гаворым аб тым, што прадукты харчавання, прадукты харчавання..., трэба забяспечыць людзей, і вельмі небяспечныя тэндэнцыі ў гэтым плане. А самі возімся з гэтым няшчасным дакументам ужо больш як год", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.