Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

21 Кст 2016

Лукашэнка: У Беларусі створаны ўсе ўмовы для правядзення міжнародных турніраў самага высокага ўзроўню

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны ўсе ўмовы для правядзення міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тут ёсць усе ўмовы для заняткаў спортам і правядзення міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. І ўсё гэта, падкрэсліваю, зроблена, калі не выключна дзяржавай, то пры яе пераважнай ролі. Я ўпэўнены, што так і павінна быць. Перш за ўсё дзяржава павінна клапаціцца аб здароўі сваіх грамадзян і ствараць усе ўмовы для спорту вышэйшых дасягненняў. Таму што, як бы мы ні хацелі, спорт сёння па-за палітыкай ужо быць не можа. Але трэба пастарацца так, каб гэта была частка сумленнай і адкрытай палітыкі. Гэта вельмі важна сёння для ўсёй планеты. Нішто так не аб'ядноўвае людзей, як спартыўныя спаборніцтвы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што апошнім часам невялікія дзяржавы сталі баяцца праводзіць маштабныя міжнародныя спаборніцтвы, таму што планка вельмі высокая і пампезная.

"Трэба праводзіць такія мерапрыемствы душэўна, каб людзі прыязджалі і не палохаліся гэтых мерапрыемстваў, а адпачывалі. Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі, каб фанаты і балельшчыкі адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб'ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым, - упэўнены Прэзідэнт. - Беларусь менавіта гэта зробіць. Усё зробіць для таго, каб спаборніцтвы былі добрымі, душэўнымі і каб вы ніколі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні правесці Еўрапейскую алімпіяду ў Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь ужо не раз прадэманстравала гатоўнасць прымаць міжнародныя турніры самага высокага ўзроўню. Сведчаннем таго служаць паспяхова праведзеныя ў краіне чэмпіянат свету 2014 года па хакеі з шайбай, чэмпіянат Еўропы 2015 года па мастацкай гімнастыцы. У бягучым годзе на вяслярным канале ў Заслаўі, адным з лепшых у Еўропе, адбыўся маладзёжны чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ.

"Мы беражліва захоўваем спадчыну нашых чэмпіёнаў і высока цэнім дасягненні выдатных спартсменаў з іншых краін. На іх прыкладзе і з іх удзелам сцвярджаюцца каштоўнасці алімпійскага руху і выхоўваюцца новыя пакаленні беларускіх атлетаў", - сказаў беларускі лідар.

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, Калядны турнір па хакеі з шайбай і біятлонны фестываль "Гонка легенд", што палюбіліся ўсім і праводзяцца ў Беларусі з удзелам ветэранаў спорту, уносяць вялікі ўклад у развіццё спартыўнай дыпламатыі, садзейнічаюць развіццю дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі.

Прэзідэнт таксама расказаў, што ў рэспубліцы ўдзяляецца самая пільная ўвага пытанням развіцця фізічнай культуры і спорту ў цэлым. За 25 гадоў у краіне падрыхтаваны сотні першакласных трэнераў, медыкаў і тэхнічных спецыялістаў, якія рэгулярна запальваюць на спартыўным Алімпе новыя яркія імёны. "Значна палепшана галіновая інфраструктура. Сёння налічваецца амаль 23 тыс. фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Яны актыўна выкарыстоўваюцца не толькі нашымі атлетамі для трэніровак, але і звычайнымі грамадзянамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Штогод у краіне праводзіцца каля 22 тыс. спартыўна-масавых мерапрыемстваў, якія павінны прывіць людзям любоў да спорту і здаровага ладу жыцця. Найбольш маштабныя з іх - Усебеларускі лёгкаатлетычны крос на прызы газеты "Советская Белоруссия", "Беларуская лыжня", Мінскі паўмарафон. Самыя яркія і папулярныя спаборніцтвы сярод дзяцей - "Снежны снайпер" па біятлоне, "Залатая шайба" па хакеі, "Скураны мяч" па футболе і іншыя.

"Можна з упэўненасцю сказаць, што Беларусь - спартыўная краіна", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі