21 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Статус дзяржаўных служачых у Беларусі трэба ўзняць на небывалую вышыню, правёўшы паралельна работу па аптымізацыі колькасці дзяржапарату. Адпаведную задачу паставіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новае кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Перад кіраўніком і першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай і Максімам Рыжанковым Прэзідэнт паставіў канкрэтныя задачы па рэфармаванні і абнаўленні гэтага дзяржоргана, пазбаўленні ад залішніх бюракратычных функцый. "Мы нікуды не дзенемся ад гэтага абнаўлення. Застануцца працаваць толькі тыя, хто будзе прафесіянальны, адукаваны, хто хоча працаваць і варушыцца. Няма рэзультатаў - няма вялікіх пасад. Гэта абнаўленне павінна закончыцца адпаведным статусам дзяржаўнага служачага. Мы павінны ўзняць яго на небывалую да гэтага часу вышыню", - заявіў беларускі лідар.
"Дзяржслужачых павінна быць столькі, колькі трэба. Таму што мы ўжо вельмі раздулі гэты інстытут. Астатнія дзяржслужачыя, як і ваенныя людзі, павінны атрымаць самы высокі статус. Але гэта павінен быць аптымальны мінімум у краіне. Лішніх людзей у дзяржапараце быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адначасова Прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць, у Беларусі дзяржапарат у разліку на колькасць насельніцтва найбольш мінімальны і аптымальны ў свеце. "Але я бачу, што мы яшчэ можам рухацца. Мы планавалі 50 працэнтаў скараціць. Вельмі цяжка будзе на першым этапе. Урад прапануе, і я накіраваў вам гэтыя дакументы сёння - каля 30 працэнтаў атрымліваецца, нават 33-35 працэнтаў. Гэта добры крок на гэтым этапе", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што скарачэнне колькасці дзяржапарату само па сабе не з'яўляецца самамэтай. "У параўнанні з іншымі не так ужо шмат мы грошай на гэта трацім. Галоўнае, што лішнія чыноўнікі, якія адзін у аднаго часам сноўдаюцца пад нагамі, - гэта шкода. Трэба пакінуць столькі, колькі трэба, скараціўшы адпаведныя функцыі, і перанесці гэтыя функцыі ўніз на прадпрыемствы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў прыклад са сферы сельскай гаспадаркі, дзе ўжо няма неабходнасці ў масавым кантролі тых ці іншых тэхналагічных працэсаў з боку чыноўнікаў. "Няма чаго сёння бегаць па калгасах і саўгасах, сеяць і ўбіраць. Гэта пустое правядзенне часу. У раёнах засталося паўтары-дзве гаспадаркі (праблемныя. - Заўвага БЕЛТА), куды трэба ехаць і сеяць і ўбіраць. Старшыня райвыканкама і першы намеснік з гэтым справяцца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.