26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі з Днём незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"За гады суверэнітэту ваша краіна дасягнула значнага прагрэсу ва ўмацаванні сваёй дзяржаўнасці і павышэнні аўтарытэту на міжнароднай арэне, выконваючы важную ролю ў развіцці рэгіёна і падтрыманні міру на Каўказе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У віншаванні гаворыцца, што шматгадовыя адносіны паміж Мінскам і Тбілісі грунтуюцца на традыцыях узаемнай павагі і канструктыўнага партнёрства, што садзейнічае выбудоўванню цесных сувязей у розных галінах.
"Запрашаем да больш эфектыўнага сумеснага выкарыстання існуючага патэнцыялу ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фармацэўтыцы і гуманітарнай сферы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.