25 чэрвеня, Жыровічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ўшанаваў памяць мітрапаліта Філарэта ля месца яго пахавання ў Свята-Успенскім Жыровіцкім стаўрапігіяльным мужчынскім манастыры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да месца пахавання мітрапаліта Філарэта за Крыжаўзвіжанскім храмам манастыра, дзе ўшанаваў памяць першага ў гісторыі незалежнай Беларусі кіраўніка Праваслаўнай царквы і пакінуў на яго магіле карзіну з белымі ружамі. Гэта любімыя кветкі Уладыкі, якія Прэзідэнт заўсёды дарыў яму пры жыцці.
Важнае значэнне асобы мітрапаліта Філарэта для развіцця беларускага грамадства і дзяржавы Прэзідэнт падкрэсліў у час сустрэчы з духавенствам, якая прайшла ў манастыры. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў адданае служэнне ўладыкі сваёй краіне, яго мудрае духоўнае настаўніцтва. "Мы вельмі дружныя былі, вырашалі адну задачу. Думаю, што ён сёння глядзіць на нас зверху і, безумоўна, адабрае тое, што мы цяпер робім", - сказаў беларускі лідар.
Мітрапаліт Філарэт узначальваў Беларускую праваслаўную царкву больш за два дзясяткі гадоў. Пры ім у Беларусі былі адроджаны ўсе епархіі, якія гістарычна існавалі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Намаганнямі Яго Высокапраасвяшчэнства аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адбудаваны сотні храмаў.
Дзейнасць уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і далёкім замежжы, але беларусы больш за ўсё цанілі яго як светлага і чыстага душой чалавека.
"Мітрапаліта Філарэта нездарма называлі эталонам маралі і сумленнем нацыі. Яго архіпастырскае служэнне ў Беларусі супала з эпохай станаўлення незалежнай дзяржавы. Дзякуючы падтрымцы і айцоўскім парадам Уладыкі мы разам пабудавалі моцную суверэнную краіну, дзе ўсе жывуць у міры, згодзе і няма месца рэлігійнай варожасці. Наша шматгадовая дружба і вялікая ўзаемная павага сталі для мяне моцнай духоўнай апорай. Мы страцілі Героя Беларусі, настаўніка і самага шчырага абаронцу, які да апошняй сваёй гадзіны маліўся за дабрабыт гэтай краіны і яе народа", - адзначаў Аляксандр Лукашэнка ў спачуванні беларускаму народу ў сувязі са смерцю ўладыкі Філарэта.