6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Славакіі ў Беларусі Ёзафу Мігашу ордэн Францыска Скарыны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат удастоены гэтай узнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй.
Прэзідэнт Беларусі, уручаючы паслу ордэн, падзякаваў яму за ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Вялікай Перамогі 9 мая ў Мінску і адзначыў вялікае значэнне гэтага рашэння дыпламата, хоць яно і мела для яго неадназначныя вынікі. "Вы сапраўды прадэманстравалі мужны ўчынак, гэта ўбачылі не толькі беларусы, убачыў увесь свет, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Рэдка сустракаюцца такія паслы, якія дзейнічаюць па волі сэрца, але тым не менш яны ёсць". У якасці падарунка на памяць аб краіне Аляксандр Лукашэнка перадаў Ёзафу Мігашу кнігу "Спадчына Беларусі".
У сваю чаргу пасол падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за тую ацэнку, якой ён удастоены. Ёзаф Мігаш падкрэсліў, што Беларусь, прыняўшы рашэнне адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрачыстымі мерапрыемствамі, "зрабіла так, як належыць, таму што гэта светлае свята". Што датычыцца яго персанальнага рашэння прыняць удзел у такіх мерапрыемствах, то ён зрабіў гэта, кіруючыся асабістымі перакананнямі. І калі б такая сітуацыя паўтарылася, ён зрабіў бы тое ж самае. "Таму што перакананні, гонар - гэта тое, што характарызуе чалавека. Ты не можаш чапляцца за пасаду моцна і рэгідна, калі гэта ідзе ўразрэз з тваімі перакананнямі. Я ўдзячны вам і ўсяму беларускаму народу", - сказаў дыпламат.