13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На палітычным полі Беларусі павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях прывядзення асобных законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, палітычныя партыі з'яўляцца значным інстытутам для беларускага грамадства. Праект закона аб іх дзейнасці раней ужо абмяркоўваўся, разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта, але быў дапрацаваны. "І я хачу пачуць пра галоўныя, асноўныя навацыі. Што змянілася? Як будзем арыентавацца?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Важнасць пытання аб дзейнасці палітычных партый Прэзідэнт растлумачыў тым, што яно можа выклікаць у грамадстве не толькі дыскусіі, але і процістаянне: "Я гэта ведаю са свайго вопыту, ды і ўсе, хто тут сядзяць… Усё гэта мы праходзілі ў нашым грамадстве. Таму ўсё трэба загадзя адрэгуляваць у законе, давесці да людзей, каб гэта не абурала членаў партый і не выклікала турбулентнасць нашага грамадства".
Законапраект аб партыях павінен адпавядаць беларускім рэаліям, ісці ад жыцця, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Так, мы павінны бачыць, што адбываецца на знешнім контуры, за межамі нашай краіны. Але галоўнае - наша краіна, наш вопыт. Мы толькі гэтаму павінны адпавядаць - жыццю нашай Беларусі, нашага грамадства", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"На палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі", - заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, прадстаўнікі палітычных партый павінны прытрымлівацца той стратэгіі, што будзе выпрацавана на Усебеларускім народным сходзе, які з'яўляецца найбольш прадстаўнічым органам народаўладдзя. "Што тут незразумелага і што тут няправільна? Курс ёсць, ён выпрацаваны. Калі ласка, давайце рэалізоўваць, - сказаў Прэзідэнт. - У палітычных партый ёсць дастатковы люфт для таго, каб прапанаваць тыя ці іншыя шляхі". І гэта залежыць ад накіраванасці саміх партый, якія могуць быць прадстаўлены шырокім спектрам - ад левых да правых. "У гэтым я нічога не бачу дрэннага. Але адданасць краіне, дзейнічаць ад грамадзян, ад нашага насельніцтва, ад беларусаў - абавязак любой партыі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён упэўнены, што палітычная сістэма ў Беларусі будзе развівацца і з'явяцца новыя патрыятычна настроеныя партыі. "Адначасова адбудзецца ачыстка ад выпадковых спадарожнікаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым усе змяненні не будуць адбывацца ў адзін момант, на гэта спатрэбіцца час. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, пачынаць трэба ўжо цяпер: "Сёння мы ацэнім усе дапрацоўкі і ступень гатоўнасці дакументаў, якія абмяркоўваюцца, для таго, каб прыняць рашэнне аб унясенні іх у Палату прадстаўнікоў".