1 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам расказаў аб нядаўнім выпадку, калі
дзякуючы яго ўдзелу ўдалося раскрыць забойства мінулых гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Забойцу жыхаркі Магілёўскай вобласці ўдалося знайсці ў Расіі.
Прэзідэнт асабліва акцэнтаваў ролю экспертаў у расследаванні крымінальных спраў і іншых правапарушэнняў, каб можна было дакладна ўстанавіць ісціну і пакараць вінаватых. "Сёння КДБ накіраваў мне справаздачу па адной крымінальнай справе. Яна была некалькі гадоў таму, - адзначыў ён. - І мне давялося асабіста прымаць рашэнне для таго, каб зноў вярнуцца да крымінальнай справы. Гэта было ў Магілёўскай вобласці. Да мяне звярнуліся простыя людзі - бацька забітай дачкі. Прыйшоў і кажа: Аляксандр Рыгоравіч, ну не можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэнне, і так, як следства правялі. Зваротаў такіх шмат".
"Я папрасіў яго прыслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне прыслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў іх. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ чаго б ні каштавала расследаваць гэту крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, узбудзілі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Прытым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён - забойца. А яго фактычна апраўдалі", - расказаў Прэзідэнт.
"Цяпер мы з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў следства, хто выносіў апраўдальны прыгавор. І бок абвінавачання знойдзем. І мы з іх запатрабуем. Ён прызнаўся, паказаў, як і дзе забіваў", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Да пытання названай крымінальнай справы Аляксандр Лукашэнка вярнуўся і на сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам. "Я вам удзячны за ўсе тыя даўнія крымінальныя справы, якія вы з пракуратурай або МУС раскрывалі. Я адну прывёў у прыклад - справу па Магілёве, - сказаў Прэзідэнт. - Якая сёння ў судзе. І я вам павінен сказаць, што, нягледзячы на дапамогу іншых ведамстваў, вы малайцы. Вы проста паказалі людзям (мы ж аб гэтым яшчэ скажам - людзі будуць гэта ведаць), што мы здольны разабрацца ў сваім доме з самымі замыславатымі правапарушэннямі і злачынствамі. Гэта вельмі важна".