18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня падпісаў указ нумар 18 "Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2020 года". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У галіне навукі і тэхнікі за работу "Інавацыйныя тэхналогіі распрацоўкі радовішчаў калійных солей, развіццё высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей і стварэнне сучаснай імпартазамяшчальнай высокапрадукцыйнай тэхнікі для іх здабычы і перапрацоўкі" прэмія прысуджана генеральнаму дырэктару "Беларуськалія" Івану Галаватаму, намесніку галоўнага інжынера па горных работах - начальніку ўпраўлення горных работ Андрэю Пятроўскаму, намесніку галоўнага інжынера па перспектыўным развіцці - начальніку аддзела перспектыўнага развіцця Дзмітрыю Барбікову, намесніку дырэктара па вытворчасці Салігорскага інстытута праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю Аляксандру Канапляніку, начальніку аддзела галоўнага канструктара - намесніку галоўнага канструктара Дзмітрыю Доўнару і начальніку аддзела вымальных машын і комплексаў Вячаславу Міхаленю.
У выніку выкананых аўтарамі даследаванняў і распрацовак створаны і ўкаранёны новыя тэхналогіі вядзення горных работ па здабычы калійных солей, інтэлектуальныя сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі, асвоена вытворчасць сучаснай высокапрадукцыйнай імпартазамяшчальнай тэхнікі для горнай і хімічнай прамысловасці. Выкарыстанне новых тэхналогій вымання калійных пластоў дае магчымасць атрымліваць з нетраў больш за 80 працэнтаў запасаў калійных солей (рост на 20 працэнтаў). Сёння такога паказчыка не дасягнуў ні адзін калійны руднік у свеце (у Расіі, Германіі і Канадзе паказчык атрымання не перасягае 40 працэнтаў). У Беларусі ўпершыню прыменена тэхналогія раскрыцця запасаў калійных солей з выхадам на прадукцыйны пласт менш як за два гады (прымяненне стандартнай схемы займае да шасці гадоў), у выніку капітальныя затраты зніжаны ў дзевяць разоў.
Укараненне распрацаваных інтэлектуальных сістэм вентыляцыі руднікоў дало магчымасць зменшыць энергаспажыванне на 30 працэнтаў. Выкананы поўны цыкл стварэння сучаснай імпартазамяшчальнай тэхнікі для калійнай прамысловасці - ад навуковых даследаванняў да доследна-канструктарскіх распрацовак і серыйнай вытворчасці. Агульны эканамічны эфект ад работы склаў Br993 млн, створана больш за 700 новых рабочых месцаў для высокакваліфікаваных спецыялістаў.
За цыкл работ "Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей" прэміі ўдастоены дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Сяргей Палякоў, яго намеснік па навуковай рабоце Сяргей Красны і намеснік па хірургіі Віктар Кахнюк, загадчык лабараторыі таракальнай анкапаталогіі Віктар Малькевіч, галоўны навуковы супрацоўнік РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Алейнікава і экс-кіраўнік РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Алег Суконка.
Аўтары распрацавалі і ўкаранілі ў практычную ахову здароўя 80 метадаў дыягностыкі і лячэння анказахворванняў у дарослых і дзяцей, пацверджаных 58 патэнтамі. Створана сістэма аказання высокатэхналагічнай анкалагічнай дапамогі насельніцтву краіны. Дзякуючы выкарыстанню новых метадаў кардынальна палепшаны вынікі дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў, што дало магчымасць знізіць смяротнасць дзяцей і дарослых ад гэтай паталогіі.
Паказчыкі пяцігадовай выжывальнасці пры пухлінах рознай лакалізацыі павялічыліся ў 1,5-3 разы. У выніку ўкаранення распрацаваных метадаў за 2000-2017 гады дадаткова выратавана больш за 12,8 тыс. чалавечых жыццяў.
Акрамя таго, у краіне створана эфектыўная дзіцячая анкагематалагічная служба, распрацаваны і ўкаранёны ў клінічную практыку найноўшыя навукова абгрунтаваныя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння. Выжывальнасць дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў са злаякаснымі новаўтварэннямі павялічылася з 54,7 працэнта ў 1995 годзе да 75 працэнтаў у 2017 годзе, па некаторых формах перавышае 90 працэнтаў. Гэта супастаўна з вынікамі вядучых сусветных цэнтраў. У лячэнні вострага лімфабласнага лейкозу Беларусь мае адны з лепшых вынікаў у свеце.
У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана дацэнту кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанціну Касцючэнку за стварэнне манумента "Брама памяці" ў мемарыяле "Трасцянец". Гэта скульптурная кампазіцыя - сімвал памяці аб загінулых. Яе вышыня 10 м, а вага - больш за 35 т. У цэнтры сюжэта манумента - змучаныя целы 29 вязняў, якія пераплятаюцца са створкамі варот і калючым дротам, што сімвалізуе жах таго, што адбываецца, і немагчымасць вызвалення. Праект "Брама памяці" ўносіць значны ўклад у фарміраванне агульнаеўрапейскай культуры памяці, а таксама ў прымірэнне і паглыбленне ўзаемаразумення паміж народамі. Бронзавая скульптурная кампазіцыя "Брама памяці" не мае аналагаў у сучасным беларускім мастацтве і з'яўляецца выдатнай прафесійнай творчай работай.