20 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нефармальным саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мерапрыемства пачалося фактычна адразу ж пасля пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, на якім кіраўнікі дзяржаў прынялі афіцыйнае рашэнне аб старшынстве Беларусі ў органах ЕАЭС у 2020 годзе.
Адкрываючы сустрэчу лідараў СНД, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што кіраўнікамі дзяржаў прыняты рашэнні аб сумеснай рабоце ў падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён таксама пракаменціраваў рэзалюцыю Еўрапарламента аб абмеркаванні пакта Молатава - Рыбентрапа і прызнанні яго прычынай пачатку Другой сусветнай вайны.
Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што падобныя дакументы з Германіяй у той час падпісвалі і іншыя еўрапейскія краіны. У іх ліку Англія, Польшча, Літва, Латвія. "Дагавор паміж Савецкім Саюзам і Германіяй быў апошнім у шэрагу тых, якія былі падпісаны іншымі еўрапейскімі краінамі, зацікаўленымі ў захаванні міру. Пры гэтым Савецкі Саюз пайшоў на падпісанне гэтага дакумента толькі пасля таго, як былі вычарпаны ўсе магчымасці і былі адхілены ўсе прапановы аб стварэнні адзінай сістэмы бяспекі антыфашысцкай кааліцыі ў Еўропе", - адзначыў расійскі лідар.
Спасылаючыся на шэраг гістарычных дакументаў, Уладзімір Пуцін падрабязна расказаў аб прычынах і перадумовах развязвання Другой сусветнай вайны, якія, на яго думку, бяруць пачатак яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны і Версальскага міру. Гэтай тэме ён прысвяціў больш як 50 хвілін свайго выступлення.
У прыватнасці, ён нагадаў пра Мюнхенскую змову - пагадненне, падпісанае ў верасні 1938 года Францыяй, Вялікабрытаніяй і гітлераўскай Германіяй. "Тое, што адбылося ў Мюнхене, што заходнія так званыя дэмакратыі здалі свайго саюзніка (Чэхаславакію. - Заўвага БЕЛТА), - гэта пачатак вайны", - сказаў расійскі лідар, спасылаючыся на выказванні шэрага гістарычных персон, у тым ліку Уінстана Чэрчыля.
"СССР быў вымушаны прыняць рэальнасць, якую заходнія дзяржавы стварылі сваімі рукамі. Падзел Чэхаславакіі быў вельмі жорсткім і цынічным. Па сутнасці, гэта быў грабеж. І можна сцвярджаць: менавіта Мюнхенская змова паслужыла паваротным момантам у гісторыі, пасля якога Другая сусветная вайна стала непазбежнай", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі пасля завяршэння сваёй прамовы запрасіў лідараў дзяржаў СНД у размешчаную па суседстве выставачную залу для прагляду экспазіцыі, прысвечанай пачатку Другой сусветнай вайны.