23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада прыме ўдзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе на тэму павышэння эфектыўнасці будаўнічага комплексу краіны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Плануецца, што кіраўнік дзяржавы правядзе пленарнае пасяджэнне семінара-нарады, на якое запрошаны вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай вертыкалі ўлады, арганізацый будаўнічай галіны. Сярод удзельнікаў таксама памочнікі Прэзідэнта, кіраўнікі банкаў, прафсаюзаў і грамадскіх аб'яднанняў, рэктары ВНУ.
На мерапрыемстве, якое стартавала 22 лістапада з практычных заняткаў у вучэбных групах і наведвання шэрага аб'ектаў, дэталёва абмяркуюць праблемныя пытанні і напрамкі ўдасканалення работы будкомплексу Беларусі, перспектывы яго развіцця, абмяняюцца перадавым вопытам па тых ці іншых напрамках у галіне.
Як адзначылі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, правядзенне такіх семінараў-нарад ужо станоўча сябе зарэкамендавала на прыкладзе аналізу сітуацыі ў іншых сферах. Так, у мінулым годзе на мерапрыемстве ў аналагічным фармаце разглядалася работа ЖКГ, а вясной бягучага года - аграпрамысловага комплексу Беларусі.