20 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце Пулкава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Санкт-Пецярбургу кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. Лідары краін падвядуць вынікі развіцця інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў бягучым годзе, абмяркуюць існуючую праблематыку і перспектывы сумеснай работы ў наступны перыяд, у тым ліку з улікам пераходу Беларусі ў 2020 годзе старшынства ў ЕАЭС.
Як паведамляла прэс-служба Прэзідэнта Беларусі, у парадак дня пасяджэння ўключаны пытанні, якія датычацца стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, назначэння старшыні і персанальнага складу Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), вынікаў дзейнасці і асноўных падыходаў да фарміравання кадравага складу ЕЭК, а таксама шэрага іншых канкрэтных напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка таксама прыме ўдзел у нефармальным саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД, у ходзе якога будзе магчымасць абмеркаваць актуальны парадак дня ў дзейнасці Садружнасці.
Традыцыйна на пляцоўках самітаў чакаюцца сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з замежнымі калегамі па тэматыцы двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, плануецца прадоўжыць перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на прадмет вырашэння пытанняў у сферы беларуска-расійскіх адносін.