17 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі патрабуе дзейнічаць гібка, прымяняючы эканамічныя механізмы вырашэння праблем, пры рэгуляванні асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Шмат аб чым мы сёння ўжо гаварылі, у тым ліку з прадпрымальнікамі. У кожнага склаліся пэўныя настроі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але, на жаль, ужо 10 гадоў з зайздроснай рэгулярнасцю вяртаемся да работы прадпрымальнікаў. У мінулым годзе пасля разгляду гэтага пытання на нарадзе ў Прэзідэнта і дадатковага абмеркавання з прадпрымальнікамі быў прыняты ўказ нумар 222. У ім прадугледжвалася, што з 1 ліпеня 2014 года ўводзіцца правіла - дакументальна пацвярджаць набыццё рэалізуемай прадукцыі. Тады ж быў устаноўлены пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, каб даць магчымасць прадпрымальнікам рэалізаваць ужо ўвезеныя па старых правілах тавары. Гэта была іх просьба".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго інфармуюць, што за мінулы год палавіна прадпрымальнікаў здолела выканаць устаноўленыя дзяржавай патрабаванні і перайшла на празрыстыя метады работы. Аднак гэта зрабілі не ўсе. І цяпер яны просяць падоўжыць тэрмін продажу існуючых астаткаў тавараў, увезеных без дакументаў. "Тады прасілі распрадаць тое, што заляжалася, цяпер - тое ж самае. Пры гэтым спасылаюцца на складанасці з рэалізацыяй, дзеянні расійскіх прадаўцоў, якія не прадстаўляюць ім адпаведныя дакументы, на дарагоўлю, мізэрнасць асартыменту і нізкую якасць прадукцыі, якую можна набыць на айчынных аптовых складах, не выязджаючы за мяжу, - адзначыў Прэзідэнт. - Указваюць на тое, што нашы партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе не патрабуюць выканання сваімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі аналагічных норм і тым самым ставяць беларусаў у няроўныя ўмовы".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсе меркаванні павінны быць пачуты і ўлічаны.