24 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў у аэрапорце Прэзідэнта Кубы Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса, які завяршыў свой афіцыйны візіт у Беларусь.
Кіраўнікі дзяржаў цёпла развіталіся, падвялі вынікі візіту. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Мігель Дыяс-Канель яшчэ не раз прыедзе ў Беларусь, і сам мае намер па запрашэнні кубінскага лідара зрабіць візіт на Кубу. "Ведайце, што вы для нас вельмі блізкія, добрыя сябры. Мы многаму ў вас навучыліся ў плане духоўнага і маральнага. Таму вы заўсёды можаце разлічваць на нашу краіну", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Прэзідэнт Кубы падзякаваў за гасціннасць. "У мяне такое адчуванне, што мы з вамі знаёмы ўжо шмат гадоў. Гэта для нас гасцінны візіт. У мяне заўсёды будуць самыя цёплыя ўспаміны аб ім. Я ўпэўнены, што ён стане вяхой у нашых адносінах", - сказаў Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс.
"Мы будзем цяпер з большай сілай рухацца наперад, будзем ужо больш канкрэтна абазначаць нашы праекты. І мы таксама многаму ў вас навучыліся, гераічная гісторыя беларускага народа заўсёды была прыкладам. Усё тое, што я ўбачыў, што мы абмяркоўвалі на перагаворах, навяло мяне на многія новыя думкі, якія хачу ажыццявіць", - падкрэсліў Прэзідэнт Кубы.
Напярэдадні прэзідэнты правялі афіцыйныя перагаворы. Бакі маюць намер задзейнічаць усе магчымасці, каб у далейшым супрацоўніцтва актыўна развівалася, а ўрады дзвюх краін павінны ў бліжэйшы час - да канца лістапада - выпрацаваць план сумесных дзеянняў у гэтым напрамку.
"На гэтым этапе наша супрацоўніцтва ў камерцыйным напрамку абмяжоўваюць некаторыя часовыя фактары, якія мы дамовіліся пераадолець за кароткі прамежак часу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў. - Мы выпрацавалі таксама сумесныя рашэнні, якія дадуць магчымасць у бліжэйшай будучыні вывесці аб'ёмы двухбаковага гандлю на ўзровень, які адпавядае стратэгічным партнёрам".
"І мы гэта можам зрабіць. Толькі не трэба спасылацца на аб'ектыўныя і суб'ектыўныя цяжкасці. Яны былі, ёсць і будуць заўсёды і на Кубе, і ў Беларусі, і ў іншых дзяржавах. Мы для таго і існуём, каб пераадольваць гэтыя складанасці. Аб гэтым мы перш за ўсё дамовіліся з Прэзідэнтам Кубы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што як толькі будзе выпрацавана дарожная карта развіцця супрацоўніцтва на кароткі прамежак часу і пачнецца яе рэалізацыя, ён прыедзе ў Гавану, каб разам з кубінскім калегам намеціць далейшыя шляхі супрацоўніцтва. "А наогул вы можаце разлічваць на Беларусь. Мы надзейныя партнёры. Мы былі такімі і будзем для Кубы заўсёды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Правёўшы Прэзідэнта Кубы, літаральна праз некалькі хвілін кіраўнік беларускай дзяржавы накіраваўся з афіцыйным візітам у Казахстан. Напярэдадні ў Нур-Султан прыбыла ўжо прадстаўнічая беларуская дэлегацыя: бізнесмены, кіраўнікі прадпрыемстваў, міністры, кіраўніцтва ўрада. Яны прымаюць удзел у дзелавых і афіцыйных мерапрыемствах.
Як раней паведамлялі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі правядзе ў Нур-Султане перагаворы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Лідары краін на сустрэчы ў вузкім і шырокім складах абмяркуюць развіццё міждзяржаўных адносін з акцэнтам на пашырэнне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Прэзідэнты разгледзяць перспектывы пашырэння прамысловай кааперацыі, нарошчвання супрацоўніцтва ў розных галінах эканомікі, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, нафтахімічным комплексе, сферы высокіх тэхналогій.
На нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана ў Ерэване Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь нацэлена на сур'ёзнае паглыбленне двухбаковых адносін. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што яго візіт у Казахстан пакладзе пачатак новаму этапу ў супрацоўніцтве паміж краінамі. "Мы ўнеслі шэраг прапаноў не толькі па гандлі важнымі таварамі паміж нашымі краінамі, але і прапановы па ўваходжанні вашай краіны ў акцыянерны капітал нашых буйнейшых кампаній, якія па сваёй велічыні знаходзяцца ў топ вядучых у свеце. Гэта сведчыць аб тым, што мы вельмі давяраем вам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У студзені-жніўні тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам перасягнуў $630 млн. Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 кампаній, створаных з прыцягненнем беларускага капіталу, і больш за 170 суб'ектаў дылерскай сеткі. У Казахстане створана сем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання.