27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля заканчэння пасяджэння ВЕЭС правёў аператыўную нараду па актуальных пытаннях з прадстаўнікамі ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта. Галоўнай тэмай стала сітуацыя ў эканоміцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзін з асноўных акцэнтаў у абмеркаванні быў зроблены на работу па процідзеянні санкцыям. Таксама размова ішла аб функцыянаванні фінансавага сектара, стане спраў на вялікіх прамысловых прадпрыемствах.
Асобнай тэмай сталі дамоўленасці па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у пачатку тыдня. Гэта, у прыватнасці, работа над сумеснымі праектамі ў сферы імпартазамяшчэння, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Уздымалася і пытанне будаўніцтва беларускага порта на расійскай Балтыцы.
Улічваючы, што акрамя прадстаўнікоў эканамічнага блока сярод удзельнікаў нарады быў міністр замежных спраў, Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачы для знешнепалітычнага ведамства. У першую чаргу ў кантэксце давядзення да партнёраў беларускай пазіцыі па актуальных пытаннях.
Што датычыцца ўзаемадзеяння з суседнімі краінамі, абмяркоўвалася работа ў рамках падоўжанага да канца года права бязвізавага ўезду і знаходжання ў Беларусі для грамадзян Літвы і Латвіі. Аляксандр Лукашэнка даручыў зняць бар'еры і блакіроўкі для жыхароў гэтых суседніх краін. У тым ліку кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб адмене ПЛР-тэстаў для ўезду ў Беларусь.
Ураду даручана па выніках паўгоддзя арганізаваць пашыранае пасяджэнне пад старшынствам Прэзідэнта, дзе ўжо канкрэтна і прадметна разгледзяць усе актуальныя пытанні.
Адміністрацыі Прэзідэнта даручана арганізаваць работу па кантролі над сітуацыяй у эканоміцы ў цэлым з фарміраваннем глыбокага аналізу.