15 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Праблемы ў рэгіёне Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы неабходна вырашаць самастойна, без замежных палітбюро. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - удзельніц АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вельмі хацелася б, каб праблемы, якія ў нас ёсць, мы вырашалі самі. За сталом у Мінску, Маскве, у Ерэване, у іншых гарадах краін АДКБ. Каб не было ўплыву нейкіх іншых дзяржаў, груп, круглых сталоў. Тым больш мы можам вырашыць гэтыя праблемы і ў Карабаху, і ў Прыднястроўі, і ва Украіне. Гэта нашы праблемы. Мы іх павінны вырашаць без замежных палітбюро і ўмяшанняў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што калі б удалося развязаць існуючыя насцярожваючыя моманты і кропкі нестабільнасці на прасторы АДКБ, то аўтарытэт арганізацыі значна вырас бы.
"Несумненна, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, у гэтым плане шмат што залежыць ад сакратароў саветаў бяспекі, што абумоўлена іх асаблівымі паўнамоцтвамі і прамым падначаленнем кіраўнікам дзяржаў. "Вам дадзена ўнікальная магчымасць комплексна, шматпланава падыходзіць да вырашэння праблем па адбіцці сучасных выклікаў, распрацоўваць новыя ідэі і ініцыятывы, мэтанакіравана ўвасабляць дасягнутыя дамоўленасці ў рэальныя мерапрыемствы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.