6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу дакладна ўвязаць пытанне матэрыяльнай падтрымкі спартсменаў з дасягненнем канкрэтных вынікаў. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця басейна міжнароднага стандарту ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рыхтуйцеся. З наступнага года - вынік ёсць - вось вам грошы. Няма выніку - і не гаварыце", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"Грошы ёсць. Грошы будуць пры ўсіх складанасцях. Народ наш не шкадуе для спартсменаў гэтых грошай. Але патрэбны вынік, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце вынік. Вось вам не святочная размова. Мы чакаем. І справа не ўва мне - народ чакае ад вас салідных вынікаў. Будзе вынік - будзе тое, што вы просіце".
Прэзідэнт папярэдзіў, што пры адсутнасці вынікаў на спартыўных пасадах не будзе і многіх чыноўнікаў: "Не будзе і тых, хто працуе ў гэтым плане, пачынаючы ад міністра спорту і заканчваючы ўсімі астатнімі".
Прэзідэнт адзначыў, што ў час наведвання працоўных калектываў, размоў з людзьмі нярэдка чуе нараканні на выступленні нашых спартсменаў, асабліва ў масавых, гульнявых відах спорту, і заўвагі наконт матэрыяльнай падтрымкі спартсменаў, якая часам не суадносіцца з іх вынікамі. "Зразумейце, вы ствараеце настрой усяму народу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця спорту, дзяржава і асабіста Прэзідэнт робяць шмат для падтрымкі гэтага напрамку, таму маюць права запатрабаваць і за вынік.