2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы аб'ядноўвае самых блізкіх партнёраў і добрых суседзяў на постсавецкай прасторы. Менавіта ў гэтым тоіцца жыццёвая сіла і велізарны патэнцыял беларуска-расійскай інтэграцыі", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што міжнародная абстаноўка і патрабаванні часу ставяць перад дзвюма краінамі стратэгічную задачу па далейшым умацаванні Саюзнай дзяржавы з улікам нацыянальных прыярытэтаў і прынцыпаў раўнапраўя. "Глыбока перакананы, што давер і ўзаемаразуменне будуць і ў далейшым заставацца вызначальнымі характарыстыкамі саюзнага будаўніцтва, а таксама дадуць магчымасць вывесці двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень, які адпавядае інтарэсам нашых народаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама накіраваў віншаванні з Днём яднання старшыні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву, старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціне Мацвіенка, старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Вячаславу Валодзіну, Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоту, старшыні Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі, кіраўніку фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай Думе Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Генадзю Зюганаву.