6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай размясціць на тэрыторыі краіны найноўшы расійскі ракетны комплекс "Арэшнік". Адпаведную прапанову кіраўнік дзяржавы агучыў на ВДС у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь вельмі непакоіць сітуацыя ў Заходняй Еўропе, асабліва паблізу беларускіх граніц з боку Польшчы і Літвы. "Мы ацэньваем гэта як небяспеку яшчэ большую, чым з боку Украіны, якая ваюе", - падкрэсліў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў непасрэднай блізкасці ад беларускай граніцы размяшчаюцца войскі Польшчы, Літвы, туды сцягваюцца ўзброеныя сілы НАТА з іншых дзяржаў, у тым ліку з Германіі. "Гэта значыць сітуацыя вельмі напружаная. Польшча расходуе велізарныя рэсурсы на ўзбраенне сваёй арміі. Калі яны хочуць у міры з намі жыць, як яны заяўляюць, навошта тады траціць мільярды долараў на ўзбраенне? - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Словам, нас гэта вельмі насцярожвае. І гэта пагроза ўжо нашай сумеснай групоўцы (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага БЕЛТА)".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да Уладзіміра Пуціна: "Я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё "Арэшнік", былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі. Гэта сур'ёзна супакоіла б некаторых, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі". На яго думку, такое размяшчэнне мэтазгодна і ў рамках прынятых нядаўна Канцэпцыі бяспекі і Дагавора аб гарантыях бяспекі ў СД.
"У нас ёсць вызначаныя месцы, дзе мы можам размясціць гэту зброю. З адной толькі ўмовай - што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас абучыце карыстацца гэтай зброяй, калі гэта будзе зроблена (будзе прынята станоўчае рашэнне па размяшчэнні ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), каб спецыялісты Расійскай Федэрацыі абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па вызначаных цэлях баявымі зарадамі "Арэшніка". Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта значна ўзмацніла б абарону Саюзнай дзяржавы і, вядома, беларускай тэрыторыі.
Прэзідэнт заўважыў, што пасля размяшчэння па яго просьбе ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі нярэдка гучаць папрокі. У выпадку з "Арэшнікам" прычын для такіх папрокаў не будзе, паколькі ён не з'яўляецца ядзернай зброяй. Хоць пры пэўных умовах нанесены "Арэшнікам" урон супастаўны з ядзерным ударам, але без заражэння тэрыторыі радыяцыяй.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што звяртаецца з такой просьбай не толькі ад сябе асабіста, але і ад усяго беларускага народа.