18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эміра Дзяржавы Катар шэйха Таміма бен Хамада аль-Тані, яго намесніка шэйха Абдалу бен Хамада аль-Тані і народ гэтай краіны з Нацыянальным днём. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"У нашай краіне высока цэняць дасягненні катарскага кіраўніцтва, дзейнасць якога накіравана на ўстойлівае развіццё сваёй дзяржавы, умацаванне дабрабыту яе насельніцтва і захаванне парадку на роднай зямлі", - канстатаваў беларускі лідар у віншаванні Эміру Катара.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Мінск падтрымлівае намаганні Дохі па спыненні рэгіянальных канфліктаў, аднаўленні бяспекі і ўсталяванні міру на Блізкім Усходзе.
"Рады адзначыць, што нашы народы маюць агульныя погляды на традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, неабходнасць захавання культурнай спадчыны і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка прывітаў гатоўнасць шэйха Таміма бен Хамада аль-Тані прыбыць у Беларусь з візітам і абмеркаваць крокі па павышэнні дынамікі двухбаковага супрацоўніцтва. Прэзідэнт запрасіў Эміра Катара наведаць Мінск у цёплы сезон, з мая па верасень 2025 года.
У віншавальным пасланні шэйху Абдалу бен Хамаду аль-Тані кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж Беларуссю і Катарам склаліся адносіны сапраўднай дружбы і даверу, аб чым сведчаць актыўныя міждзяржаўныя кантакты на ўсіх узроўнях, плённая сумесная праца ўрадаў па розных напрамках, узаемная падтрымка на міжнароднай арэне.