13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прысвоіць статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі 2025 года двум аб'ектам - будаўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музея і Парку народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З адпаведнай ініцыятывай да кіраўніка дзяржавы звярнуліся ўдзельнікі студатрадаўскага руху ў час урачыстай цырымоніі закрыцця трэцяга працоўнага семестра 2024 года.
Перад тым як згадзіцца з гэтай прапановай, Прэзідэнт удакладніў: "А справіцеся?"
"Абавязкова!" - запэўнілі кіраўніка дзяржавы.
У адказ Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на будаўніцтва гэтых аб'ектаў, гэтак жа і на многія іншыя, патрабуюцца немалыя фінансавыя затраты, якія кладуцца пераважна на бюджэт, але ў гэтым плане павінна прыняць удзел і ўсё беларускае грамадства. "Гэта будзе ваш значны ўклад. І пакаленні будуць памятаць аб вашай будоўлі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Не пярэчу. Рабочыя рукі нам заўсёды патрэбны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У розныя гады статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атрымлівалі такія аб'екты, як будаўніцтва БелАЭС, капрамонт і рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Хатынь", будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.