2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прыраўнаваць электронныя цыгарэты да тытунёвых вырабаў па абароце і ўмовах курэння. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Віялета Бразоўская па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы аб удасканаленні прававога рэгулявання ў асобных сферах эканамічнай дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На нарадзе разглядаўся праект дэкрэта аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння. Улічваючы, што яны блізкія па спосабе спажывання, аказаным эфекце, прапануецца прымяняць да іх аднолькавыя меры дзяржрэгулявання.
"Асноўная навацыя ў тым, што мы прыраўноўваем да абароту і ўмоў курэння тытунёвых вырабаў электронныя сістэмы курэння і вадкасці для іх, - растлумачыла Віялета Бразоўская. - Цяпер у нашай краіне гэта пытанне не ўрэгулявана. Мы бачым, што электронныя сістэмы курэння набіраюць папулярнасць, таму было прынята рашэнне распаўсюдзіць абмежаванні і нормы, якія дзейнічаюць адносна тытунёвых вырабаў, і на электронныя сістэмы курэння".
Плануецца забараніць рэкламу электронных сістэм курэння і іх продаж непаўналетнім. Таксама будуць вызначаны месцы, дзе можна рэалізоўваць гэтыя ўстройствы. З 2021 года хочуць забараніць выкарыстанне надкасавага абсталявання для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў. "Мы такім чынам знімаем гэту таварную пазіцыю з кас, каб дзеці, якія набываюць іншыя тавары, не бачылі выявы і пачка тытунёвых вырабаў", - растлумачыла начальнік упраўлення.
У міністэрстве лічаць мэтазгодным забараніць курэнне на пляжах, у ліфтах і аўтамабілях у прысутнасці дзяцей да 14 гадоў.
Прэзідэнт даручыў дапрацаваць гэтыя нормы з улікам грамадскага меркавання, а таксама прадугледзець эфектыўныя механізмы кантролю за выкананнем заканадаўства.