3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Дакумент апублікаваны 3 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Закон устанаўлівае пералік катэгорый асуджаных, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці. Да такіх катэгорый аднесены, у прыватнасці, непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, за выключэннем тых, хто ўчыніў наўмыснае злачынства ў адносінах да непаўналетняга; асобы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту; інваліды І і ІІ групы; асобы, хворыя на актыўную форму туберкулёзу і анкалагічныя захворванні; грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; асобы, якія атрымалі раненні або захворванні пры выкананні абавязкаў у перыяд ваеннай службы.
Адначасова законам вызначаюцца катэгорыі асоб, у адносінах да якіх амністыя не будзе прымяняцца (напрыклад, да якіх на працягу 2021-2024 гадоў прымяняліся амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці; якія на дзень пастановы прыгавору або ўступлення яго ў законную сілу поўнасцю не кампенсавалі нанесеную злачынствамі шкоду (урон), не заплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, а таксама даход, атрыманы ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам; якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў альбо прызнаных ва ўстаноўленым парадку асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; якім пакаранне ў выглядзе смяротнай кары ў парадку памілавання заменена пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі або пажыццёвага пазбаўлення волі і іншыя).
Рашэнне аб прымяненні амністыі будзе прымацца ў адносінах да кожнай асобы індывідуальна.
Як паведамлялася, напярэдадні, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што на свабоду выйдуць асуджаныя за беспарадкі ў 2020 годзе.
"Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на свабоду выйдуць вельмі цяжка хворыя (як пра іх пішуць) нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, якія ламалі, крышылі краіну ў 2020 годзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта сапраўды цяжка хворыя, у асноўным з ракавымі захворваннямі. Мы па-чалавечы падыходзім і ставімся да ўсіх. Чалавек, які трапіў у бяду, я лічу, не мае грамадзянства, і мы павінны ім дапамагаць. Таму што мы такія людзі - славяне. Мы не хочам войнаў, мы не хочам канфліктаў, але калі нас зачэпяць, мы вымушаны адказваць".