28 верасня, Нью-Ёрк /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў будынку Генеральнай асамблеі ААН падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Канвенцыя аб правах інвалідаў прынята Генасамблеяй ААН 13 снежня 2006 года і ўступіла ў сілу 3 мая 2008 года. Адначасова з уступленнем у сілу канвенцыі ўступіў у сілу Факультатыўны пратакол да яе. Па стане на верасень канвенцыю падпісалі 158 дзяржаў, а таксама Еўрапейскі саюз.
Канвенцыя накіравана на забеспячэнне поўнага ўдзелу інвалідаў у грамадзянскім, палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці грамадства (сацыяльную інтэграцыю), ліквідацыю дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці, абарону інвалідаў і ажыццяўленне імі ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама на стварэнне эфектыўных прававых механізмаў забеспячэння гэтых правоў.