30 сакавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам падкрэсліў абарончы характар Ваеннай дактрыны Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша Ваенная дактрына выключна абарончая, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ніколі ні на каго не будзем нападаць, прымяняць зброю супраць якой бы там ні было краіны. Ніколі суседзі на нас пальцам не пакажуць у сувязі з гэтым".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь з'яўляецца членам АДКБ. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пазіцыя беларускага боку ў гэтай арганізацыі вельмі простая: "Мы ніколі не будзем ваяваць на чужой тэрыторыі з-за таго, што мы будуем, прытрымліваемся абарончай дактрыны". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што "калі нехта паспрабуе ваяваць з намі, то мы будзем абараняцца, а таксама выконваць саюзніцкія абавязацельствы з Расіяй". "Галоўнае для нас - абарона цэласнасці і суверэнітэту нашай краіны, процістаянне любым пагрозам, адкуль бы яны не ішлі", - сказаў беларускі лідар.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь вельмі цэніць міжнароднае меркаванне наконт яе ролі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок заўсёды будзе прытрымлівацца прынцыпаў міру - яму вайна ва Украіне не патрэбна. "З нашай зямлі, з нашай тэрыторыі пагроз Украіне ніколі не было і не будзе. Мы схільныя праводзіць міралюбівую палітыку, зрабіць усё для таго, каб нармалізаваць сітуацыю ва Украіне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 160 тыс. украінскіх грамадзян, якія пакінулі краіну ў сувязі з канфліктам. У Беларусі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэтым людзям прадастаўлены роўныя правы з грамадзянамі краіны. Яны працаўладкаваны, іх дзеці змаглі пайсці ў беларускія дзіцячыя сады, школы.