16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Літвы з нацыянальным святам, якое сімвалізуе важны этап станаўлення літоўскай дзяржаўнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гісторыя мірнага суіснавання нашых народаў налічвае некалькі стагоддзяў. Беларусы заўсёды паважалі права сваіх суседзяў на вызначэнне шляху самастойнага развіцця. Наша добрасуседства спрадвеку захоўвалася дзякуючы народнай дыпламатыі, трывалым гуманітарным і гаспадарчым сувязям", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, Мінск па-ранейшаму зацікалены ў далейшым паглыбленні кантактаў з Вільняй па лініі рэгіёнаў, прадпрыемстваў і ўстаноў. "Для хуткага вяртання двухбаковага дыялогу ў канструктыўнае рэчышча неабходна як мага эфектыўней выкарыстаць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў разнастайных галінах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, што сумесная праца будзе служыць будаванню даверу і адпавядае прагненням жыхароў абедзвюх краін".
Прэзідэнт Беларусі пажадаў народу Літвы міру, згоды і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.