13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не захапляцца ва ўладзе стварэннем структур, у тым ліку тых, якім будзе пастаўлена ў абавязак работа са спартыўнай галіной. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не вядзіцеся на розныя прапановы і стагнанні. Ніколі чыноўніцкія структуры спорт не рухалі. Можаш у раёне стварыць цэлае ўпраўленне спорту, але спорту як не было, так і не будзе. Справа не ў вертыкалі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што па зарплатах чыноўнікаў адпрацавана шкала, пачынаючы ад раённага ўзроўню да Адміністрацыі Прэзідэнта. "Зарплату, я сказаў, больш вертыкалі ўлады павышаць і рэгуляваць на дзяржаўным узроўні не буду, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Хочаш павысіць зарплату - скарачай штаты. Сэканомленыя грошы твае. Так і ў райвыканкаме. Хочуць яны штосьці там стварыць, няхай ствараюць. У іх ёсць фонд заработнай платы. Лішніх грошай ім ніхто... Спонсараў у органаў улады быць не можа".
"Але я ўпэўнены, што ў кожнага старшыні райвыканкама ёсць памочнік. Няхай бы ён займаўся - адзін чалавек - спортам, рэгуляваў у раёне ўсё", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму не трэба захапляцца ва ўладзе стварэннем структур. Структуры трэба ствараць на месцы, каб былі школы, спартыўныя цэнтры. Вось там трэба вызначыць штаты, структуры, зарплаты, на ўлік жалезны ўсё паставіць. Але галоўнае - каб яны працавалі. Адказнасць павінна быць. І за работу трэба плаціць. Добра выканаў работу - заплаці, каб іншыя разумелі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама асобна папярэдзіў наконт трэнерскіх кадраў, іх падрыхтоўкі ў спартыўнай ВНУ. "Вы павінны прыняць радыкальнае рашэнне. Я чакаю выніку. Разважанні, што мы там штосьці стварылі, методыку... Трэба набраць тых, хто пасля заканчэння будзе трэнерам працаваць. Набор вельмі дрэнны", - заявіў Прэзідэнт.