20 кастрычніка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не супраць канкурэнцыі прыватных і дзяржаўных структур на рынку камунальных паслуг. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на рэспубліканскім семінары аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер шмат гаворыцца аб развіцці канкурэнцыі, прыходзе на рынак прыватных кампаній. Я буду толькі за, калі гэта спрыяльна паўплывае на якасць паслуг і людзі станоўча адрэагуюць на перамены", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час ён прывёў у прыклад сітуацыю ў Расіі, дзе прыватныя арганізацыі значна завысілі кошт тарыфаў.
Прэзідэнт падкрэсліў: "Няхай прыходзіць прыватнік - тарыфы будуць абазначаны. І няхай працуе ў гэтай сітуацыі. Застанецца пракантраляваць толькі якасць іх работы".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сістэма ЖКГ - гэта не тая сфера, дзе можна мець завоблачную рэнтабельнасць, і кожная арганізацыя павінна разумець, што за кошт некага грошай тут зарабіць не атрымаецца. "Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэту сферу, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абысці, а грошы ў кішэнь пакласці. Таму вы не спяшайцеся разбураць цяпер дзеючую структуру на карысць нейкім сумніўным кампаніям і мерапрыемствам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на існуючую практыку, калі многія наваствораныя прыватныя арганізацыі ліквідуюцца, а дамы пераходзяць на абслугоўванне мясцовых прадпрыемстваў ЖКГ. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што ўласнікі жылля не гатовы браць на сябе калектыўную адказнасць за агульную маёмасць, не могуць навесці ў сябе ў доме парадак без умяшання звонку.
"Відавочна, што гэтыя пытанні таксама патрабуюць неадкладнага ўрэгулявання", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.