17 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб плённым характары праведзеных перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вынікі сённяшняй сустрэчы я ацэньваю як плённыя - было шмат тэм для прадметнай размовы, дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Галоўнае - мы дамовіліся з Прэзідэнтам, што да майго візіту ў Зімбабвэ мы падрыхтуем шэраг канкрэтных кантрактаў, якія дзве краіны павінны будуць ажыццявіць ужо ў гэтым годзе. У хуткім часе мы чакаем значнага прагрэсу не толькі ў двухбаковым гандлі, але ў супрацоўніцтве ў сферах прыватнага бізнесу, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, здабычы прыродных рэсурсаў, адукацыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, былі абмеркаваны асноўныя напрамкі развіцця беларуска-зімбабвійскіх адносін і перспектывы іх выхаду на новы, якасна больш высокі ўзровень. "Беларусь разглядае Зімбабвэ як важнага партнёра ў рэгіёне Паўднёвай Афрыкі. Адносіны паміж дзвюма краінамі можна ахарактарызаваць як дружалюбныя і ўзаемавыгадныя", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе бакі ўжо заключылі шматмільённыя кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі МАЗ, МТЗ і "Гомсельмаш" у Зімбабвэ з выкарыстаннем механізмаў экспартнага крэдытавання, у хуткім часе чакаецца пачатак паставак. "Гэта тэхніка вельмі патрэбна Зімбабвэ. Без яе немагчыма мадэрнізацыя эканомікі, якую намеціў Прэзідэнт", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што Беларусь і Зімбабвэ імкнуцца рухацца далей і прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін, чым проста гандлёвыя. З гэтай мэтай былі абмеркаваны перспектывы рэалізацыі ў Зімбабвэ інвестыцыйных і сумесных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі, геолагаразведкі і здабычы карысных выкапняў.
"Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні сваіх паслуг, тэхнікі і абсталявання ў рамках розных праектаў. Асабліва ў сферы горназдабыўной прамысловасці. Мы гатовы да стварэння машынабудаўнічага прадпрыемства, мяса-малочнага комплексу, развіцця дарожнай інфраструктуры, распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, мы гатовы супрацоўнічаць у галінах адукацыі, аховы здароўя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы зыходзім з таго, што нарошчванне і дыверсіфікацыя беларускага экспарту ў Зімбабвэ павінны адпавядаць агульным інтарэсам, у тым ліку садзейнічаць эканамічнаму развіццю краіны. Перад нашымі партнёрамі востра стаяць задачы па індустрыялізацыі, развіцці сельскай гаспадаркі, падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў. Мы гатовы вам па ўсіх гэтых напрамках аказаць істотную падтрымку. Такі падыход лічым узаемавыгадным і бяспройгрышным для абодвух партнёраў".
Кіраўнік дзяржавы таксама разлічвае на пашырэнне беларуска-зімбабвійскіх сувязей па лініі дзелавых колаў, выбудоўванне ўзаемавыгадных доўгатэрміновых кантактаў. Ён лічыць неабходным наладзіць і ў далейшым падтрымліваць устойлівыя бізнес-сувязі па лініі гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый дзелавых колаў.
Аляксандр Лукашэнка назваў велізарным патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін. "Вядома, Зімбабвэ перажывае сёння няпросты перыяд. Праз гэта трэба прайсці. Таму я пажадаў Прэзідэнту і дэлегацыі рашучых дзеянняў па пераадоленні праблем, а працавітаму зімбабвійскаму народу - цярпення і мужнасці. Праз цяжкасці і нягоды праходзілі ўсе краіны і народы", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што Зімбабвэ зможа на працягу кароткага прамежку часу правесці неабходныя пераўтварэнні. "Вы на правільным шляху. І на гэтым шляху, як сказаў Прэзідэнт, вельмі важны сябры. Можаце лічыць, што Беларусь з'яўляецца вашым надзейным сябрам і памочнікам", - запэўніў ён.