10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная касмічная станцыя з'яўляецца ўзорам выбудоўвання партнёрскіх і дзелавых адносін паміж дзяржавамі і народамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яркі прыклад эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы асваення космасу - гэта Міжнародная касмічная станцыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта арбітальная лабараторыя - узор таго, як у сучасным свеце можна і трэба выбудоўваць партнёрскія і дзелавыя адносіны паміж дзяржавамі і народамі, якія насяляюць планету".
"Калі хочаце, гэта яркі прыклад з космасу нам, зямлянам, як трэба жыць у гэтым цесным свеце, які хутка развіваецца, у згодзе на карысць усіх народаў. На жаль, мы часта гэтым прыкладам не карыстаемся. У нас на Зямлі нярэдка адбываецца ўсё наадварот", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Запуск першага модуля МКС адбыўся 20 гадоў таму. Ужо тады ў распрацоўцы і зборцы станцыі ўдзельнічалі 15 краін, цяпер яе магчымасці выкарыстоўваюць у сваіх мэтах 100 дзяржаў. На яе борце паспяхова і плённа працуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Такім жа высакародным мэтам служыць міжнародны альянс аператараў штучных спадарожнікаў Зямлі "ПанГеа". На сувязі з ім знаходзіцца і беларускі апарат "Белінтэрсат-1", - дадаў беларускі лідар.