28 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Ігар Яўсееў і Аляксандр Субоцін назначаны адпаведна памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Мінскай вобласці і памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Віцебскай вобласці. Адпаведнае кадравае рашэнне сёння прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Яўсееў раней займаў пасаду начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што назначэнне чалавека ў пагонах на пасаду памочніка Прэзідэнта ў некаторай ступені эксперымент. "Думаю, тут памылкі не будзе. Паглядзім, як складзецца лёс генерала на гэтай цывільнай пасадзе, хоць цяжка сказаць, што яна цывільная: яна часам важнейшая і яшчэ больш ваенная, чым у некаторых людзей у пагонах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Субоцін да гэтага моманту займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання - дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду. "Вы ведаеце сельскую гаспадарку. Прытым ведаеце не толькі з пункту гледжання "нізоў", вы вучоны чалавек. Там работы вельмі шмат, і перш за ўсё нам трэба раз і назаўсёды рассячы гэты гордзіеў вузел са структурай пасеваў: мы да гэтага часу не можам там убраць пару тысяч гектараў збожжавых. Якія гэта ўжо збожжавыя ў кастрычніку, вы цудоўна разумееце. Значыць, трэба сеяць там, дзе магчыма, і тое, што там можна ўбраць і атрымаць эфектыўнасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Звяртаючыся да кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што функцыі памочнікаў Прэзідэнта ў абласцях часам пераклікаюцца з дзейнасцю губернатараў. Ён даручыў дакладна вызначыць напрамкі іх работы. "Трэба ўсё ж такі ў некаторай ступені, як бы складана ні было, размежаваць, нейкую мяжу правесці паміж інспектарам па кадрах - прадстаўніком Прэзідэнта і губернатарам, які з'яўляецца першай асобай у вобласці. У кожнага свае функцыі, хоць яны пастаянна перасякаюцца. Думаю, памочнікі за гэты час выпрацавалі некаторы стыль сваё работы, трэба, каб яны адказвалі за сваё перш за ўсё. Гэты нюанс трэба мець на ўвазе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.