5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Назначаны новыя памочнікі Прэзідэнта - інспектары па Мінскай і Гомельскай абласцях. Адпаведныя кадравыя рашэнні прыняў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вакантную пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гомельскай вобласці зойме Мікалай Рагашчук. З чэрвеня 2018 года ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Цяперашні старшыня Горацкага райвыканкама Аляксандр Бутараў таксама пайшоў на павышэнне: ён назначаны на вакантную пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Мінскай вобласці.
"Пасады няпростыя, хоць у вас і вопыт даволі вялікі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сітуацыя няпростая ў плане таго, што нам спрабуюць цяпер усё больш падсунуць эканамічных праблем у краіне. А вам давядзецца займацца перш за ўсё, зразумела, кадрамі (каго нам у гэтай сітуацыі падтрымліваць, вылучаць), і другая справа - эканоміка. Як гаварылі ў савецкія часы, будзе эканоміка - і кадры будуць добра працаваць. А калі няма эканомікі, як там ні ўпірайся, ні працуй, толку мала".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абодва назначэнцы маюць вялікі вопыт работы ў рэгіёнах, ведаюць праблемы не толькі горада, але і вёскі. Цяпер яны будуць прадстаўляць Прэзідэнта, а значыць і адказнасць адпаведная. "Гэта нашы шчупальцы на месцах. Вы павінны быць аб'ектыўнымі, ні ў якім разе не падладжвацца там пад некага дзеля таго, каб мець добрыя адносіны. Падладжвацца можна тады, калі гэта ўсё нацэлена на вынік. Калі вынік - перш за ўсё эканамічны - будзе добры, то тады трэба і аб'ядноўвацца, і падладжвацца, і кадры падбіраць у гэтым плане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.