22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інавацыі і інвестыцыі павінны ў будучым вызначаць характар узаемаадносін з Кітаем. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь за апошнія некалькі гадоў рэалізавала стратэгічныя рашэнні па ўмацаванні эканамічных сувязей з Кітайскай Народнай Рэспублікай і вывела двухбаковыя адносіны на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства. "Неабходна, каб інавацыйны, інвестыцыйны складнікі ў бліжэйшым будучым вызначалі характар узаемаадносін з Вялікім Кітаем. Таму сёння вельмі важна генерыраваць бізнес-ідэі, прадуманыя, падлічаныя з улікам рэалій рынку, інвестыцыйныя праекты, якімі трэба прыцягваць кітайскіх інвестараў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома "Січан" і стварэнне сучасных абаронных сістэм вывелі на новую вышыню тэхналагічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Прадаўжаючы тэму дыверсіфікацыі рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць выхаду на новыя для Беларусі рынкі Перу, Чылі, Уругвая, Нікарагуа, Калумбіі, Мексікі, нягледзячы на пэўныя лагістычныя складанасці. "Для гэтага зроблена ўжо нямала", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Перспектыўным напрамкам з'яўляецца нарошчванне экспарту паслуг у краіны Лацінскай Амерыкі - будаўнічых, геолага-разведачных, нафтаздабыўных. Актывізуецца супрацоўніцтва Беларусі і з Афрыкай, галоўным чынам за кошт фарміравання надзейных каналаў прасоўвання беларускай прадукцыі. "Задача сённяшняга дня - надаць росту нашага экспарту ў Афрыку ўстойлівы характар", - перакананы кіраўнік дзяржавы.