29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Расію. Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Маскве прэзідэнты дзвюх краін прадоўжаць размову па актуальных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 снежня.
Як паведамлялася БЕЛТА па выніках перагавораў 25 снежня, кіраўнікі дзяржаў правялі канструктыўную размову, у ходзе якой абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў агульнага парадку дня. Ацэньваючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу як несумненна пазітыўны момант быў адзначаны рост тавараабароту. Сярод іншых найбольш актуальных тэм былі і цэнаўтварэнне на газ, работа беларускага нафтаперапрацоўчага сектара ва ўмовах праводзімага Расіяй падатковага манеўру, пастаўкі прадуктаў харчавання на расійскі рынак. Як вынік - пазіцыі збліжаны па ўсіх пытаннях.
Акрамя таго, прэзідэнты, асабліва ў час сустрэчы сам-насам, сур'ёзна прааналізавалі дамоўленасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыю. Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і абазначаны намер гэтыя працэсы актывізаваць. Гэта датычыцца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі.
Кіраўнікі дзяржаў тады дамовіліся да Новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія адкладваць нельга. У першую чаргу гэта звязана з жаданнем Прэзідэнта Расіі глыбей унікнуць у сутнасць праблем, каб знайсці шляхі іх вырашэння.