8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік назначаны паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ па сумяшчальніцтве. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 ліпеня, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе Прэзідэнта.
У адпаведнасці з указам Аляксандр Рагожнік надзелены паўнамоцтвамі намесніка прэм'ер-міністра па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расіяй. Ён будзе ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, прадстаўнікоў Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы, даваць ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх рэалізацыю.
Пры гэтым Аляксандр Рагожнік нясе персанальную адказнасць за пашырэнне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і адносінах з Расіяй.