4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу стала актам гістарычнай справядлівасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму па абноўленай Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наданне УНС канстытуцыйнага статусу стала актам гістарычнай справядлівасці. Спрадвеку на беларускай зямлі народнае веча было ў авангардзе прыняцця важнейшых дзяржаўных рашэнняў. У наш час вось ужо больш за чвэрць стагоддзя сход зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, удзельнічае ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў у жыцці краіны. Мы юрыдычна ўзаконілі найстаражытнейшую традыцыю нашай славянскай дэмакратыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
УНС у яго сучасным, цяпер ужо юрыдычным статусе будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве, выступаць страхоўкай ад непрадбачаных выпадкаў. Для гэтага ён надзяляецца шырокім аб'ёмам рэальных уладных паўнамоцтваў - ад зацвярджэння ваеннай дактрыны да прыняцця рашэння аб легітымнасці выбараў. Як вышэйшы орган народаўладдзя ён будзе мець права аб'явіць імпічмент Прэзідэнту, але па загадзя вызначаных законам правілах.
"Па сутнасці, на разгляд Сходу можа быць вынесена любое значнае для дзяржавы пытанне. І заўважу, не толькі па тых напрамках, якія вызначаны ў Канстытуцыі. У законе аб УНС варта прадугледзець і іншыя магчымыя паўнамоцтвы гэтага органа. Таму важна, каб, нягледзячы на свой значны склад - 1200 дэлегатаў, Сход заставаўся мабільным", - падкрэсліў беларускі лідар.