15 верасня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. На Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва цяпер у свеце глядзяць як на будучыню, вельмі ўплывовы полюс. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Самаркандзе на сустрэчы з генеральным сакратаром ШАС Чжан Мінам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь супрацоўнічае з ШАС ўжо на працягу 12 гадоў. "Наш крок па ўступленні ў "шанхайскую сям'ю" ў якасці наглядальніка не быў спантанным або выпадковым. Тады Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва была яшчэ маладой, спрабавала ўладкавацца ў сусветны парадак. Гэта ўжо цяпер на ШАС глядзяць як на будучыню, вельмі ўплывовы полюс нашай планеты. Тады было не так. Але мы ў той час вызначыліся, што будзем развіваць наша супрацоўніцтва з Шанхайскай арганізацыяй. У гэтым наша і палітычная, і эканамічная, магчыма, і ваенна-палітычная будучыня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму, працуючы ў якасці наглядальніка ў арганізацыі, мы прынялі рашэнне, што пара нам стаць паўнапраўным членам нашай "шанхайскай сям'і". Ведаю, вы нас падтрымалі і падтрымліваеце на гэтым шляху. І мы вам за гэта вельмі ўдзячныя", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Чжан Міну за тое, што той знайшоў час выслухаць пазіцыю Беларусі па далейшым удзеле ў ШАС. "Але перш за ўсё ўдзячны вам за тое, што вы пазітыўна ацэньваеце нашу ролю ў якасці наглядальніка", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама падзякаваў генеральнаму сакратару ШАС, што ў арганізацыі заўсёды адгукаліся на просьбы беларускага боку і яго асабіста. "У апошнія прэзідэнцкія выбары вы прымалі ўдзел. Вы маглі ўбачыць Беларусь, ацаніць яе. Вашы прадстаўнікі (наглядальнікі на выбарах. - Заўвага БЕЛТА). І я вам удзячны за тыя ацэнкі, якія былі дадзены ў час апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Гэта сведчыць аб тым, што і ШАС зацікаўлена ў нашай краіне", - адзначыў беларускі лідар.
У сваю чаргу Чжан Мін падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за ўдзел у саміце, адзначыўшы, што ён з'яўляецца пастаянным госцем на такіх форумах. Генеральны сакратар таксама падкрэсліў важнасць і значнасць для Беларусі сёлетняга саміту ў Самаркандзе.
Як паведамлялася БЕЛТА, плануецца, што кіраўнік беларускай дзяржавы 16 верасня выступіць на пасяджэнні ў пашыраным складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС. Аляксандр Лукашэнка агучыць прыярытэты ўзаемадзеяння Беларусі ў фармаце ШАС, таксама з улікам пададзенай раней заяўкі на далучэнне краіны да гэтай арганізацыі ў якасці паўнапраўнага члена (цяпер Беларусь мае статус наглядальніка). Размова таксама пойдзе аб актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.