9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што падзеі мінулага года многае паказалі і падштурхнулі Беларусь і Расію да больш актыўнага супрацоўніцтва. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" - сустрэчы з журналістамі, прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы засталіся ўдзвюх - Беларусь і Расія. Таму што ўдар адтуль наносіўся праз Беларусь, як заўсёды было, у сэрца Расіі. Мы імгненна зразумелі, што ад нас хочуць. Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў дапамогу, але я тады адмовіўся. Сказаў, што пакуль спраўляюся і спраўлюся. Але папрасіў на ўсялякі выпадак стварыць рэзерв з тысячы чалавек. Наўрад ці яны вырашылі б якую-небудзь задачу, таму што разам з гэтым у мяне ў рэзерве была цэлая армія. І я не завагаўся б, увёў бы яе ў дзеянне, калі б убачыў, што яны не проста перайшлі чырвоную рысу, а ўжо забраліся далёка за яе. Але мы справіліся. Рэзерв быў расфарміраваны і адпраўлены ў месцы нясення службы".
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ні адны краіны не маюць такога ўзаемадзеяння, як Беларусь і Расія, таму дзяржавы без вялікіх намаганняў змогуць сумесна пераадолець любыя санкцыі, што ўводзяцца супраць іх. "Нам не трэба перажываць. Мы дзве самадастатковыя краіны. Маючы наш вопыт, нам нават шмат грошай не трэба, каб аднавіць разбуранае і забяспечыць людзей усім неабходным. Раней, напрыклад, жанчыны стаялі ў чарзе за пачкам парашку, мы разам за адзін год змаглі ўзвесці дзясятак прадпрыемстваў, якія яго вырабляюць. Свой народ не маглі забяспечыць прадуктамі харчавання, а іншым дапамагалі. Мы атрымаем вопыт з памылак. Што датычыцца санкцый - гэта заўсёды магчымасці. Не хочаце нам нешта паўстаўляць, атрымлівайце эмбарга. А мы абыдземся. У нас гіганцкая тэрыторыя, велізарны вопыт і ёсць усё, каб пераараць зямлю, пасеяць, убраць і накарміць людзей", - сказаў беларускі лідар.