16 лютага, Слуцк /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будуць умацоўваць інстытут мясцовых Саветаў дэпутатаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з работнікамі дражджавога завода і цукрова-рафінаднага камбіната ў Слуцку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць работы мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія прызначаны вырашаць надзённыя пытанні. "Гэта людзі, якія хутчэй могуць дастукацца да начальства, і менавіта праз мясцовага дэпутата можна хутчэй вырашыць існуючую праблему", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць таго, што менавіта дэпутаты зацвярджаюць мясцовы бюджэт, а гэта зарплаты, у тым ліку работнікаў сфер аховы здароўя, адукацыі. "Я ўсё больш і больш раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў нагружаю, каб яны вырашалі актуальныя пытанні разам са старшынямі рай- і гарвыканкамаў", - адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звярнуў увагу, што дэпутаты працуюць на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы зарплаты.
"Мы інстытут мясцовых Саветаў будзем умацоўваць", - запэўніў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яму ў свой час прапаноўвалі ліквідаваць мясцовыя Саветы, з чым ён не згадзіўся. Як паказала практыка, рашэнне іх захаваць было правільным. "Паколькі менавіта дэпутаты на месцах лепш за іншых ведаюць сітуацыю і могуць паўплываць на тых жа дармаедаў, а таксама на тых, хто вядзе амаральны лад жыцця", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што кожны павінен прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах мясцовых Саветаў і аддаць свой голас за таго, хто, на іх думку, з'яўляецца найбольш дастойным кандыдатам. "Трэба прыйсці і прагаласаваць. Ідзе палітычная кампанія, і ў ёй трэба прыняць удзел", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.